Палітычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Куба
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Куба ўстаноўлены ў красавіку 1992 г.
У кастрычніку 1997 г. прынята рашэнне аб пераўтварэнні беларускага гандлёвага прадстаўніцтва на Кубе ў Пасольства, якое стала першым дыпламатычным прадстаўніцтвам Рэспублікі Беларусь у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне.
Куба з'яўляецца значным партнёрам Беларусі на міжнароднай арэне і адным з найважнейшых саюзнікаў у Заходнім паўшар'і.
Абедзве краіны падтрымліваюць актыўны палітычны дыялог на найвышэйшым узроўні. Візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на Кубу адбыліся ў 2000, 2006 і 2012 гг. Прэзідэнт Кубы М.М. Дыяс-Канэль Бярмудэс двойчы наведаў Беларусь з афіцыйнымі візітамі: у кастрычніку 2019 г. і ў чэрвені 2025 г. У верасні 2015 г. у рамках 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН праведзена сустрэча Кіраўніка беларускай дзяржавы са Старшынёй Дзяржаўнага Савета.
Ажыццяўляюцца кантакты на ўзроўні кіраўнікоў урадаў — у чэрвені 2023 г. у рамках пасяджэння Еўразійскай міжурадавай рады ў г.Сочы адбылася сустрэча Прэм'ер-міністра Беларусі Галоўчанка Р.А. з Прэм'ер-міністрам Кубы М.Марэра Крусам.
У лістападзе 2023 г. адбыўся візіт М.Марэра Круса ў Беларусь.
У ліпені 2024 г. Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Галоўчанка Р.А. наведаў Рэспубліку Куба з афіцыйным візітам.
Вядзецца актыўнае ўзаемадзеянне па лініі знешнепалітычных ведамстваў. У 2014 годзе адбыўся афіцыйны візіт на Кубу Міністра замежных спраў Беларусі Макея У.У. У ліпені 2023 г. адбыўся візіт Міністра замежных спраў Алейніка С.Ф. на Кубу. Кіраўніцтва МЗС дзвюх сран падтрымлівае актыўны кантакт у рамках міжнародных арганізацый. Рэгулярна праводзяцца сустрэчы “на палях” шматбаковых пляцовак.
Падтрымліваецца міжпарламенцкі дыялог. Сфарміравана рабочая група Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам Кубы і група дружбы “Куба – Беларусь” Нацыянальнай асамблеі народнай улады Рэспублікі Куба. У снежні 2022 г. Беларусь наведаў Старшыня Нацыянальнай асамблеі народнай улады Рэспублікі Куба Хуан Эстэбан Ласа Эрнандэс.
У лютым 2022 г., лістападзе 2023 г. і жніўні 2025 г. беларускім бокам перададзена гуманітарная дапамога Кубе, якая складалася з лекавых прэпаратаў і харчавання.
У красавіку 2022 г. Беларусь і Куба адзначылі 30-ю гадавіну з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. У рамках святкавання былі праведзены ўрачыстыя мерапрыемствы ў г.Мінск і г.Гавана, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады, дзелавых і грамадскіх колаў абедзвюх краін.
Дзейнічае Беларуска-Кубінская сумесная камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве (адбылося 12 пасяджэнняў). Сустаршынямі сумеснай камісіі з'яўляюцца: з беларускага боку — намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Шастакоў А.А., з кубінскага боку — Першы намеснік Міністра знешняга гандлю і замежных інвестыцый Кубы К.Л. Хорхе Мендэс.
На рэгулярнай аснове праходзяць сустрэчы на ўзроўні кіраўніцтва дзяржорганаў дзвюх краін. Беларусь і Куба паслядоўна развіваюць міжпарламенцкае супрацоўніцтва, аказваюць узаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках.